МІНЕРА́ЛЬНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
сукупнасць працэсаў паглынання з раствораў мінер. солей, перамяшчэння і ўключэння ў абмен рэчываў раслінамі хім. элементаў, неабходных для іх нармальнай жыццядзейнасці. Разам з фотасінтэзам складае адзіны працэс жыўлення раслін. Да элементаў М.ж.р. адносяцца макраэлементы (азот, фосфар, сера, калій, кальцый, магній, жалеза) і мікраэлементы (бор, кобальт, медзь, цынк, марганец, малібдэн і інш.). Паглынаюцца ў форме іонаў (, , , , , K+, Ca2+, Mg2+ і інш.), у аднаклетачных і водных раслін — усёй паверхняй, у наземных вышэйшых — паверхняй маладых каранёў (пераважна каранёвымі валаскамі) і, часам, лістоў. Аніёны трапляюць у клетку актыўна (энергаёмісты ферментатыўны працэс), катыёны — звычайна пасіўна (працэсы адсорбцыі, дыфузіі). Элементы ў клетцы перамяшчаюцца пры кругавым руху цытаплазмы (цыклозе), ад клеткі да клеткі — праз злучальныя цытаплазматычныя перамычкі (плазмадэсмы) і па аб’яднаных клетачных абалонках (апапласце), у цэлай расліне — з узыходнай плынню вады па праводных элементах ксілемы. Элементы М.ж.р. уваходзяць у склад усіх арган. злучэнняў, каталізуюць біяхім. рэакцыі, рэгулююць тургар, інтэнсіўнасць фотасінтэзу, пранікальнасць мембран, забяспечваюць стабільнасць клетачных структур і інш. Пры іх недахопе выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.
т. 10, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)